НО́ЎКІНСКІ ШКЛОЗАВО́Д.

Дзейнічаў у 1861—1942 у маёнтку Ноўка Віцебскага пав. (цяпер вёска ў Віцебскім р-не). Выпускаў у розныя гады бутэлькі, лямпы, лямпавае шкло, каміны, рэзервуары, шклянкі і інш. шкляны посуд. Меў 6 горнаў, 2 паравыя машыны, лакамабіль, паравы кацёл. У 1910 выпушчана 10 млн. шт. шкляных вырабаў. У 1913 на яго базе засн. акц. т-ва шкляных, хрусталёвых і лесапільных прадпрыемстваў «Заходняя Дзвіна», куды ўвайшлі і лесапільная ф-ка маёнтка Ноўка (дзейнічала ў 1864—1914 пры Н.ш.), і пабудаваны ў 1913 хрусталёва-шкляны з-д у Смаленскай губ. У 1913 на Н.ш. (разам з лесапільнай ф-кай) працавала 500 чал. У Вял. Айч. вайну Н.ш. разбураны.

т. 11, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)